Совбел 2016 КСУП
Сельскохозяйственное предприятие, специализирующееся на мясо-молочном животноводстве. Выращивание сельскохозяйственных культур: зерновые, зернобобовые, сахарная свекла, рапс.
2 і 3 жніўня ў Смаргоні пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя 110-годдзю пачатку Першай сусветнай вайны. У праграме – урачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну 1915 – 1917 гадоў. Мы папрасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі аднаго з членаў аўтарскага калектыву, скульптара, Ганаровага грамадзяніна Смаргоні Уладзіміра ЦЕРАБУНА.
– Калі пачынаю аналізаваць зробленае, то ўвесь час пытаю ў сябе: «Ці праўда гэта?». Дагэтуль не верыцца, што работы на комплексе завершаны. Збудаваць такі мемарыял, у асноўным, за сродкі мясцовага бюджэту – справа архіскладаная. Пацвярджэнне таму – 18 гадоў прайшло ад аб’яўлення конкурса эскізнага праекта да адкрыцця аб’екта, – адзначыў Уладзімір Васільевіч. – Сёння ў маім архіве – каля трох тысяч здымкаў: на першых – месца, зарослае бур’яном, на апошніх – сённяшні мемарыял. Зроблена неверагодна вялікая работа, распачатая ў 2006 годзе. Тады былы ваеннаслужачы, палкоўнік запасу Уладзімір Лігута, які вывучаў гісторыю Першай сусветнай вайны, прапанаваў збудаваць комплекс. Тагачасны старшыня райвыканкама Мечыслаў Гой падтрымаў ініцыятыву. І пачалося! Па выніках рэспубліканскага конкурсу эскізнага праекта Мемарыяльнага комплексу па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну 1915 – 1917 гадах пераможцам стаў аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам Анатоля Арцімовіча. Дарэчы, Анатоль Яфімавіч у свой час у складзе творчай групы скульптараў і архітэктараў прымаў удзел у распрацоўцы і стварэнні Кургана Славы, мемарыяла «Брэсцкая крэпасць – герой».
Творчую частку мемарыяла аплаціла Саюзная дзяржава, але галоўны матэрыяльны цяжар лёг на раённы бюджэт. На жнівень 2014 года мы атрымалі асноўную канцэпцыю комплексу ў бетонным варыянце, скульптуры адразу былі ўсталяваны на свае месцы. Агульная канцэпцыя складала прыкладна 60% ад усяго будаўніцтва. Для творчага калектыву гэта была перамога. Тады мяне цешыла, з якой адказнасцю ставіліся да работы будаўнікі. Асабліва ўразіла прыгатаванне формаў для званіцы, іх стваралі высакакласныя майстры.
На жаль, грошай на далейшыя работы патрабавалася шмат, знайсці іх было складана. Усё спынілася на доўгіх дзевяць гадоў – да восені 2023.
Асобна можна гаварыць пра гранітчыкаў, якія шчыравалі на аб’екце ў 2023 і 2024 гадах. Зіма, абагравальныя шалашы, укладка граніту…
Цяпер мемарыял паўстае завершаным і годным. Скончыць работы тут атрымалася дзякуючы намаганням цяперашняга старшыні райвыканкама Генадзя Харужыка.
3 жніўня на мемарыяле мы будзем адзначаць 110-ю гадавіну пачатку Першай сусветнай вайны (яна пачалася 1 жніўня 1914 года). Прыедуць госці, аўтары, СМІ… Нас чакае важная падзея. Зноў пытаю ў сябе: «Ці праўда гэта?». Праўда!
Газета ўжо размяшчала вялікае інтэрв’ю яшчэ з адным членам аўтарскага калектыву – Іванам Арцімовічам, дзе скульптар таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад завершанага комплексу. На свята чакаецца прыезд кіраўніка аўтарскага калектыву Анатоля Арцімовіча. Будзем спадзявацца, што праблемы са здароўем не перашкодзяць вялікаму творцу ўбачыць на свае вочы смаргонскі мемарыял і выказаць уражанні ад убачанага.
Да свята члены аўтарскага калектыву, Іван Арцімовіч і Уладзімір Церабун, падрыхтавалі буклет, у якім сабрана гісторыя стварэння комплексу і шмат фотаздымкаў – цудоўны падарунак для аматараў гісторыі.